ХАЛЕ́РНЫЯ БУ́НТЫ ў Расіі,
масавыя стыхійныя выступленні гараджан, сялян, салдат у час эпідэміі халеры 1830—31. Незадаволенасць насельніцтва выклікалі незразумелыя яму і звязаныя з рознымі нязручнасцямі супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы ўрада (каранціны, ўзбр. кардоны, забароны перамяшчэнняў і інш.), выкананне якіх часам суправаджалася жорсткім абыходжаннем з людзьмі. Непасрэднай падставай для бунтаў сталі чуткі пра наўмыснае атручванне народа лекарамі і чыноўнікамі. Узрушаныя натоўпы грамілі паліцэйскія ўстановы і казённыя бальніцы, забівалі мед. работнікаў, чыноўнікаў, афіцэраў, памешчыкаў. Найбуйнейшыя Х.б.: Севастопальскі (1830), Тамбоўскі, на Сеннай плошчы ў Пецярбургу, У Старарускай і Наўгародскай акругах ваенных пасяленняў (1831). Падаўлены войскамі; тысячы ўдзельнікаў пакараны цялесна (многія пасля памерлі) і сасланы на катаргу.
т. 16, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)